“Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 1)

 Сёлета ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз ладзіцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена амаль сто заявак ад зацікаўленых больш чым з 20 краін свету. Пра тое, што такое Школа, чаму яна карыстаецца попытам сярод іншаземцаў і чаму яе правядзенне – гэта важна для Беларусі, распавядае кіраўнік гэтага праекта прафесар кандыдат філалагічных навук Лідзія Іванаўна Сямешка.

syam

Лідзія Іванаўна, што такое Міжнародная летняя школа беларусістыкі?

Феномен летніх моўных школ з  праграмай кароткатэрміновага навучання даўно вядомы ва ўсім свеце. Яны ладзяцца ў розных краінах і лічацца самым хуткім і эфектыўным спосабам авалодання той ці іншай мовай у непасрэдных стасунках з яе носьбітамі.

Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ) – не выключэнне. Гэта двухтыднёвая адукацыйна-культурная праграма, у межах якой іншаземцы маюць  магчымасць не толькі інтэнсіўна вывучаць беларускую мову ў пастаянным маўленчым асяроддзі, але і пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.

Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення (20 акадэмічных гадзін на тыдзень), разлічаны на пачатковы (А1, А2) і сярэдні (В1, В2) ўзроўні валодання беларускай мовай. Для слухачоў з высокім (С1, С2) узроўнем валодання беларускай мовай прапануюцца семінары, майстар-класы, прысвечаныя інтэрпрэтацыі тэкстаў беларускай культуры. Праграма ўключае таксама лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай (лінгвакультурнай, гісторыка-краіназнаўчай, літаратуразнаўчай, лінгвадыдактычнай) праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства па заяўленай слухачамі праблематыцы.

Вучоба спалучаецца з багатай і разнастайнай культурнай праграмай. Сярод культурна-пазнавальных мерапрыемстваў пешыя вандроўкі па Мінску і выязныя аўтобусныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, наведванне музеяў, мастацкіх галерэй, тэатраў, бібліятэк, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, творчымі калектывамі.

З іншага боку, МЛШБ – гэта магчымасць наладжвання і паглыблення  навуковых і культурных кантактаў з замежнымі да–следчыкамі і прыхільнікамі   беларускай мовы, літаратуры, культуры, гэта спосаб пашырэння ў свеце ведаў пра моўную і культурную самабытнасць беларускага народа, пра беларускую гістарычную традыцыю, нацыянальныя каштоўнасці і  ўклад нашага народа ў сусветную культуру і навуку.

Хто ён, удзельнік МЛШБ?

     Кантынгент удзельнікаў МЛШБ вельмі неаднародны як па нацыянальных і ўзроставых характарыстыках, так і па матывацыйных параметрах і ўзроўню валодання  беларускай мовай. Школа збірае слухачоў з усяго свету: для адных  – гэта проста пазнавальная паездка дзеля знаёмства з краінай Беларусь, беларускай мовай і культурай,  другія  жадаюць палепшыць моўны ўзровень, каб працягваць вывучаць ці выкладаць беларускую мову ў сваёй краіне. Але пераважная большасць удзельнікаў  Школы – гэта замежныя студэнты, магістранты, аспіранты, якія спецыялізуюцца ў галіне славістыкі і беларусістыкі (мовазнаўства, мастацкі і навуковы пераклад, усходнеславянскае мовазнаўства і літаратуразнаўства, беларусазнаўства, журналістыка, лінгвістыка і міжнародная камунікацыя ), а таксама  педагагічныя работнікі – выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры і іншых славянскіх моў з розных замежных адукацыйных устаноў, дзе даследуецца беларусазнаўчая праблематыка і выкладаецца беларуская мова як замежная.

Што да асобасных характарыстык, то ўдзельнік МЛШБ – асоба актыўная, адукаваная і ў пераважнай большасці шматмоўная (беларуская мова  далёка не першая замежная мова, і  нават  не другая). Таму, як правіла, валодае сучаснымі стратэгіямі авалодання мовай, мае ужо сфармаваны індывідуальны кагнітыўны стыль працы і можа ацэньваюць новы адукацыйны вопыт паводле ўласнай аксіялагічнай шкалы.

Наўрад ці ўдзельнік Школы – абсалютны прагматык, рацыянальная цікавасць якога да беларусістыкі сфармавана аб’ектыўнымі патрэбамі жыцця, эканамічнымі сувязямі з краінай і г. д. Хоць гэта таксама не выключаецца, бо, як ужо адзначала, сярод слухачоў дастаткова аб’ектыўна матываваных славістаў — маладых і сталага ўзросту, у сферу прафесійнай зацікаўленасці якіх уваходзіць беларусазнаўчая праблематыка. Многія з іх ужо карыстаюцца  беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці: выкладаюць яе ў адукацыйных установах ці на розных грамадскіх курсах, выкарыстоўваюць у навуковай, перакладчыцкай  працы. Гэтая катэгорыя ўдзельнікаў  дакладна ўяўляе галіну прымянення  беларускамоўных кампетэнцый і, як правіла, матываваная ў плане патрабаванняў да вынікаў сваёй вучэбнай дзейнасці.

Другая  катэгорыя – гэта навучэнцы, якія матывуюць выбар беларускай мовы ўласнымі (суб’ектыўнымі) інтэлектуальнымі запатрабаваннямі (культурнымі, ідэалагічнымі), звязваюць яго з сяброўскімі стасункамі. Прычыны, што “падштурхнулі”  да вывучэння беларускай мовы,  абгрунтоўваюцца  ў катэгорыях  “даведацца, хто гэта беларусы”,  “мова прыгожая, мілагучная”, “цікавыя традыцыі, фальклор”, ”багатая культура”, “Беларусь – terra incognita”, “вывучаю дзеля ўласнага развіцця”, “дзеля стасункаў з беларускімі сябрамі”, “каб падтрымаць беларускамоўную супольнасць”, “каб мова не знікла з еўрапейскай мапы”. Гэта пераважна маладыя людзі з эканамічна стабільных краін з высокім узроўнем адукацыі. Ім цікава вандраваць па свеце, пазнаваць феномены розных культур, асаблівасці матэрыяльнага і духоўнага жыцця іншых народаў, пашыраць свой кругагляд.

Трэцяя катэгорыя – этнічныя беларусы, прадстаўнікі беларускай дыяспары як  з суседніх і гістарычна звязаных з Беларуссю краін, так і з далёкага замежжа.  Удзел у Школе разглядаюць як матыў, “прыехаць на Радзіму, даведацца нешта новае для сябе”, “удасканаліць маўленчыя навыкі”. Вывучаюць мову, бо лічаць валоданне ёю ”паказчыкам культуры і беларускасці”, каб “звацца беларусам“, “каб ведаць свае карані”, “каб ведаць, чым адрозніваемся ад іншых народаў”, каб “перадаць дзецям сваю мову, культуру, гісторыю”.

Паводле  геаграфіі:  удзельнічаюць навукоўцы і студэнты як з  краін,  дзе беларуская мова ёсць мовай этнічнай меншасці і вывучаецца ў розных адукацыйных установах  (Україна, Расія, з краін  ЕС – Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія),так і з краін, дзе існуюць славістычныя цэнтры ці маюцца пэўныя  традыцыі вывучэння беларускай мовы і даследавання беларусазнаўчай праблематыкі (Аўстрыя, Германія, Англія, Венгрыя, Канада, Славакія, Сербія, апошнім часам – Японія, Кітай). Летась былі студэнты  з Аўстраліі, ЗША,  Індыі.

Паводле ўзросту:  ад 18-ці  да 70-ці гадоў.

Але хто б ні быў удзельнік  Летняй школы беларусістыкі, якімі матывамі і мэтамі ні  кіраваўся б, мы ўдзячныя яму за цікавасць да нашай мовы, культуры, да нашай краіны.

01

Чаму ў замежжы цікавяцца беларускай мовай і культурай?

А чаму імі не цікавіцца? Чаму ўвогуле людзі вывучаюць іншыя мовы, нават мёртвыя? Ці Вы маеце на ўвазе, чаму цікавяцца, калі многія беларусы абыякава ставяцца да яе? Дык часам і па гэтай прычыне: хочуць зразумець парадаксальнае “чаму”.

Думаю, цікавяцца, бо разумеюць каштоўнасць любой мовы, і не толькі як сродку камунікацыі, але найперш як з’явы культуры. Кожная мова – гэта  своеасаблівы погляд на свет, гэта склад душы яе носьбітаў, логіка іх розуму і стылю мыслення. Беларускі погляд на свет, замацаваны тысячагадовай традыцыяй у багатай духоўнай і інтэлектуальнай культуры беларускага народа, у яго гістарычным вопыце, несумненна, узбагаціць кожнага, хто захоча авалодаць ім.

Калі браць больш шырокі сучасны кантэкст, то цікавасць да беларускай мовы (як і да іншых невялікіх, паводле колькасці носьбітаў, моў) – гэта ў пэўным сэнсе вынік агульнаеўрапейскай адукацыйна-моўнай палітыкі, скіраванай на ўкараненне прынцыпаў шматмоўя і полікультурнасці адукацыі, прызнанне шматмоўнай асобы ва ўмовах глабалізацыі прыярытэтам і каштоўнасцю (вядомая формула 1+2: родная мова і як мінімум дзве замежныя). Дастаткова ўзгадаць паказальны загаловак  моўнага сайта Еўракамісіі: “Чым больш ведаеш моў, тым большы ты ёсць чалавек”. Сёння стымулюецца вывучэння не толькі моў, што традыцыйна лічацца мовамі міжнародных зносін, але і т. зв. “малых”, бо ўсе замежныя мовы ў кантэксце дыялогу культур набываюць статус сродку міжнародных і міжкультурных зносін. Вывучэнне моў дапамагае зразумець і міжкультурныя дыстанцыі, сапраўдныя ці ўяўныя.

Уласна матывы вывучэння беларускай мовы ўжо акрэсліла  ў адказе на папярэдняе пытанне. Дадам толькі, што праз анкетаванне выяўляецца скіраванасць інтэнцый большасці слухачоў на канцовы вынік – адкрыць для сябе праз авалоданне мовай  самабытны беларускі свет, адпаведны менавіта гэтаму месцу прыроды, гэтаму тыпу культуры, і  гатоўнасць да далейшага яе вывучэння як крыніцы новых культурных ведаў, як спосабу развіцця ўласнай эрудыцыі.

Разам з тым варта адзначыць, што ўзровень зацікаўленасці і матывы вывучэння любой мовы залежаць і ад яе статусу ў дзяржаве, базавых сацыяльных функцый, месца ў сістэме адукацыі. Паколькі ў сістэме айчыннай вышэйшай адукацыі беларуская мова амаль не выкарыстоўваецца, за выключэннем асобных гуманітарных галін, то падрыхтаваць сёння на беларускай мове прафесіяналаў у розных галінах дзейнасці (акрамя філалагічнай) для іншых краін немагчыма, што адпаведна абмяжоўвае аб’ектыўна-прагматычную матывацыю  і памяншае колькасць ахвотнікаў звязваць свае жыццёвыя перспектывы з беларускай мовай.

Другая частка інтэрв’ю
Трэцяя частка інтэрв’ю

Гутарыў Павел Бранавец (навуковы цэнтр РІВШ)
Фота Анастасіі Саўковай

Advertisements

One thought on ““Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 1)

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s