“Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 3)

Сёлета ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз ладзіцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена амаль сто заявак ад зацікаўленых больш чым з 20 краін свету. Пра тое, што такое Школа, чаму яна карыстаецца попытам сярод іншаземцаў і чаму яе правядзенне – гэта важна для Беларусі, распавядае кіраўнік гэтага праекта прафесар кандыдат філалагічных навук Лідзія Іванаўна Сямешка.

syam

(працяг інтэрв’ю)

Як Вам здаецца, ці цяжка вывучыць беларускую мову?

Паняцці «лёгкасць – цяжкасць» у дачыненні да вывучэння моў адносныя, хоць умоўна вылучаюцца, паводле ступені складанасці, чатыры групы моў (1-я – італьянская, іспанская; 2-я – англійская, французская, нямецкая, 3-я – славянскія мовы, венгерская, фінская, іўрыт, турэцкая; 4-я – арабская, кітайская, японская, карэйская).

Зразумела, лягчэй вывучаць структурна блізкія мовы.

Але мне здаецца, што беларускую, як і любую іншую славянскую (і не славянскую) мову, вывучаць лёгка, калі інфармацыя будзе падавацца лёгка і цікава, калі ёсць моцная матывацыя, калі выразна ўяўляеш, дзеля “чаго”, калі валодаеш кагнітыўнымі стратэгіямі засваення, калі ёсць добрае метадычнае забеспячэнне ці таленавіты, прафесійны выкладчык.

Істотна таксама, вывучаеш мову да  ўзроўню “выжывання” ці  хочаш дасканала валодаць на ўзроўні адукаванага носьбіта мовы. А калі разглядаць пытанне ў кантэксце сучаснай антрапалагічнай парадыгмы, дзе кожная мова – гэта адмысловы “тып” і “характар”, “ментальнасць” і “культура” народа і ўвесь бясконцы свет носьбітаў мовы, то ўсё  не так проста, бо для пазнання гэтага іншага свету няблага б дэшыфраваць моўна-мысленчы  і культурны код народа, усвядоміць сябе, хоць бы гіпатэтычна, часткай гэтага свету,  “напісаўшы” ў галаве віртуальны падручнік яго мовы. Дарэчы  ўзгадаць слушную заўвагу вядомага амерыканскага перакладчыка, знаўцу розных моў Карэла Фіксмана: “Замежнай мовай можна авалодаць, але спатыкаешся аб культуру”.

Дзе, акрамя МЛШБ, замежнікі могуць вывучыць беларускую мову?

У Беларусі – ва ўстановах вышэйшай адукацыі падчас гадавых і семестравых стажыровак на кафедрах беларускай мовы, на розных моўных курсах беларускай мовы.

За мяжой, відавочна, у цэнтрах беларускай дыяспары, дзе беларуская мова ёсць мовай этнічнай меншасці і вывучаецца ў розных адукацыйных установах  (Літва, Польшча, Украіна, Расія, Чэхія, Латвія), а таксама ў іншых краінах, дзе існуюць традыцыі беларусазнаўства, і беларуская мова разам з іншымі славянскімі мовамі выкладаецца  на славістычных кафедрах. (гл. адказ на першае пытанне).

Як магчыма яшчэ больш удасканаліць працу Школы і што для гэтага робіцца?

     Навучанне  беларускай мове іншаземцаў – адносна малады адукацыйны напрамак, у межах якога, безумоўна, ёсць што і даследаваць, і ўдасканальваць.

Паляпшаць навучальны працэс магчыма і патрэбна  найперш  праз  прафесійную падрыхтоўку  кваліфікаваных выкладчыкаў, гатовых на сучасным узроўні забяспечваць міждысцыплінарны характар  выкладання беларускай мовы як замежнай  з улікам усяго функцыянальнага спектру мовы, псіхолага-фізіялагічных механізмаў яе засваення  і асобасных характарыстык навучэнцаў. У Беларусі няма  кафедры, дзе рыхтаваліся б такія кадры, таму пакуль адчуваецца іх дэфіцыт.

Між тым паспяховасць навучання залежыць ад стану метадычнага забеспячэння выкладання, ад прывабнасці і навізны вучэбнага матэрыялу, ад напаўнення яго  пазітыўнай, цікавай інфармацыяй, здольнай  актывізаваць  кагнітыўную (інтэлектуальную, эмацыйную, эстэтычную) дзейнасць удзельнікаў Школы, што ў выніку можна разглядаць як стымул  да самастойнай працы  і далейшага паглыбленага вывучэння беларускай мовы.

Істотнае значэнне ў плане аптымізацыі навучання мае характар метадычных прыёмаў, што выкарыстоўвае выкладчык на занятках, яго ўменне  падкрэсліць асабістую  значнасць і важнасць для навучэнца вучэбнай інфармацыі, уменне стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу ў групе і  знайсці індывідуальны падыход да кожнага з навучэнцаў.

Магчымасці для ўдасканалення працы Школы бачацца таксама ў стварэнні  разнастайных па структуры адукацыйных праграм (з улікам запатрабаванняў навучэнцаў, з рознай ступенню моўнай нагрузкі, з падзелам на ўзроставыя катэгорыі і інш.), у распрацоўцы нарматыўна-адукацыйнага і метадычнага комплексу па беларускай мове як замежнай дзеля ўкаранення сістэмы ўзроўневага навучання  ёй іншафонаў. Праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Так, у межах Праграмы навуковага даследавання ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы распрацоўваецца комплекс вучэбна-нарматыўных дакументаў і матэрыялаў (адукацыйныя стандарты, градуальная сістэма лексічных мінімумаў, тыпавыя і вучэбна-трэніровачныя лінгвадыдактычныя тэсты), прызначаных для рэгламентацыі навучальнага працэсу на розных узроўнях валодання мовай.

Дзеля ўдасканалення працэсу навучання беларускай мове іншаземцаў у РІВШ  распрацавана аўтарская Праграма павышэння кваліфікацыі “Беларуская мова як замежная ў кантэксце сучаснай адукацыйнай парадыгмы “ для педагагічных работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі. Яна мае на мэце павышэнне прафесійнай культуры і метадычнага досведу выкладчыкаў беларускай мовы за кошт актуалізацыі праблемных пытанняў катэгарыяльнага і прагматычнага характару, інавацыйных падыходаў да стварэння вучэбна-метадычнай літаратуры, асэнсавання беларускага культурна-аксіялагічнага складніка ў змесце навучання беларускай мове як замежнай у кантэксце сучаснай лінгвакультурнай і міжкультурна арыентаванай кампетэнтнаснай адукацыйнай парадыгмы.

Праз рэалізацыю гэтай Праграмы хацелася б выявіць інтэлектуальны рэсурс для кадравага забеспячэння і далейшага развіцця адукацыйнага напрамку “беларуская мова як замежная”, бо, відавочна, у нашай краіне дастаткова беларускамоўных людзей, якія валодаюць некалькімі мовамі і маюць навыкі выкладання іншых замежных моў.  Менавіта іх мы бачым у якасці патэнцыяльных выкладчыкаў беларускай мовы ў замежнай аўдыторыі. Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць усіх, хто неабыякавы да гэтай праблематыкі, далучацца да нашага праекта.

05

Вы ўжо столькі год курыруеце гэты праект. Чаму ён Вас не перастае цікавіць?

Больш за дзесяць гадоў мяне не было ў краіне, таму праектам не займалася. За гэты час, здаецца, адзін раз ладзілася  Школа. Пасля вяртання ў краіну неяк само сабою атрымалася зноў далучыцца да  праблематыкі выкладання беларускай мовы як замежнай, што  па-ранейшаму застаецца актуальнай і патрабуе свайго асэнсавання ў шырокім міжнародным кантэксце.

Не перастае цікавіць, бо лічу праект вартым увагі і перспектыўным у плане развіцця міжкультурных сувязей, папулярызацыі ведаў пра Беларусь і актывізацыі  супрацоўніцтва з замежнымі славістычнымі навуковымі школамі. Да таго ж гэта цікавая, творчая праца. Сама распрацоўка праграмы патрабуе крэатыўнага падыходу, бо кожны раз мусіш канструяваць, а затым прэзентаваць  вобраз крыху ідэалізаванага беларуса дзеля таго, каб удзельнік Школы змог паглядзець на Беларусь яго вачыма і (ў ідэале)  ганарыўся тым, што вывучае беларускую мову. Таму ўжо на этапе аналізу параметральных складнікаў,  вызначаеш, што будзе  цікава менавіта сёлетняму  слухачу, якія кампетэнцыі, уяўленні, уражанні ад Летняй школы ў Мінску ён павінен атрымаць.

Разам з тым Школа дае магчымасць апрабоўваць узроўневую мадэль навучання беларускай мове як замежнай (параметры зместу навучання на розных узроўнях, крытэрыі і спосабы ацэнкі вынікаў навучання праз тэставыя тэхналогіі), што распрацоўваецца ў РІВШ у межах Праграмы навуковых даследаванняў па беларускай мове як замежнай, а таксама праверыць эфектыўнасць новых педагагічных стратэгій і сучасных лінгвакультурных методык, сродкаў і прыёмаў  актыўнага навучання, гульнявых  формаў заняткаў.

Увогуле  гэта ўнікальная адукацыйная  пляцоўка, дзе пануе беларускага слова (у тым ліку дзякуючы працы шматлікіх валанцёраў  – беларускамоўных студэнтаў з сталічных універсітэтаў, якія дапамагаюць стварыць для слухачоў Школы пастаяннае маўленчае асяроддзе). У нестандартных і займальных формах іншаземцы могуць абмяркоўваць актуальныя пытанні беларусістыкі,  разам з  вядомымі ў сваім прафесійным полі навукоўцамі, творцамі эстэтычных каштоўнасцей  (пісьменнікамі, мастакамі) разважаць пра  гістарычныя шляхі беларускага народа, асаблівасці беларускай мовы, знаёміцца з апошнімі дасягненнямі беларускай літаратуразнаўчай і культуралагічнай думкі.

Хацелася б, каб кожная Школа была падзеяй ў нашым гуманітарным асяродку і адкрывала (праз асэнсаванне пытанняў: хто такія беларусы, якім яны бачаць свет, як успрымаюць і ацэньваюць яго) пэўныя перспектывы для пазнання нацыянальнага беларускага   “космасу” і спрыяла б  пашырэнню беларускай мовы і культуры ў міжнароднай акадэмічнай і культурнай прасторы.

Дзякуй вялікі, Лідзія Іванаўна, поспехаў і плёнаў у працы Школы!

Пачатак інтэрв’ю
Другая частка інтэрв’ю

Гутарыў Павел Бранавец (навуковы цэнтр РІВШ)
Фота Анастасіі Саўковай

Advertisements

2 thoughts on ““Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 3)

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s