Паўтарыць пачутае… Выкладваем зборнік лекцый 3-й МЛШБ

Дарагія слухачы Школы і ўсе, хто чытае гэты блог! Чытайце, узгадвайце, разважайце і прымайце. 🙂

issbs.2017_lectures

Фота Анастасіі Саўковай

Advertisements

“Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 3)

Сёлета ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз ладзіцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена амаль сто заявак ад зацікаўленых больш чым з 20 краін свету. Пра тое, што такое Школа, чаму яна карыстаецца попытам сярод іншаземцаў і чаму яе правядзенне – гэта важна для Беларусі, распавядае кіраўнік гэтага праекта прафесар кандыдат філалагічных навук Лідзія Іванаўна Сямешка.

syam

(працяг інтэрв’ю)

Як Вам здаецца, ці цяжка вывучыць беларускую мову?

Паняцці «лёгкасць – цяжкасць» у дачыненні да вывучэння моў адносныя, хоць умоўна вылучаюцца, паводле ступені складанасці, чатыры групы моў (1-я – італьянская, іспанская; 2-я – англійская, французская, нямецкая, 3-я – славянскія мовы, венгерская, фінская, іўрыт, турэцкая; 4-я – арабская, кітайская, японская, карэйская).

Зразумела, лягчэй вывучаць структурна блізкія мовы.

Але мне здаецца, што беларускую, як і любую іншую славянскую (і не славянскую) мову, вывучаць лёгка, калі інфармацыя будзе падавацца лёгка і цікава, калі ёсць моцная матывацыя, калі выразна ўяўляеш, дзеля “чаго”, калі валодаеш кагнітыўнымі стратэгіямі засваення, калі ёсць добрае метадычнае забеспячэнне ці таленавіты, прафесійны выкладчык.

Істотна таксама, вывучаеш мову да  ўзроўню “выжывання” ці  хочаш дасканала валодаць на ўзроўні адукаванага носьбіта мовы. А калі разглядаць пытанне ў кантэксце сучаснай антрапалагічнай парадыгмы, дзе кожная мова – гэта адмысловы “тып” і “характар”, “ментальнасць” і “культура” народа і ўвесь бясконцы свет носьбітаў мовы, то ўсё  не так проста, бо для пазнання гэтага іншага свету няблага б дэшыфраваць моўна-мысленчы  і культурны код народа, усвядоміць сябе, хоць бы гіпатэтычна, часткай гэтага свету,  “напісаўшы” ў галаве віртуальны падручнік яго мовы. Дарэчы  ўзгадаць слушную заўвагу вядомага амерыканскага перакладчыка, знаўцу розных моў Карэла Фіксмана: “Замежнай мовай можна авалодаць, але спатыкаешся аб культуру”.

Дзе, акрамя МЛШБ, замежнікі могуць вывучыць беларускую мову?

У Беларусі – ва ўстановах вышэйшай адукацыі падчас гадавых і семестравых стажыровак на кафедрах беларускай мовы, на розных моўных курсах беларускай мовы.

За мяжой, відавочна, у цэнтрах беларускай дыяспары, дзе беларуская мова ёсць мовай этнічнай меншасці і вывучаецца ў розных адукацыйных установах  (Літва, Польшча, Украіна, Расія, Чэхія, Латвія), а таксама ў іншых краінах, дзе існуюць традыцыі беларусазнаўства, і беларуская мова разам з іншымі славянскімі мовамі выкладаецца  на славістычных кафедрах. (гл. адказ на першае пытанне).

Як магчыма яшчэ больш удасканаліць працу Школы і што для гэтага робіцца?

     Навучанне  беларускай мове іншаземцаў – адносна малады адукацыйны напрамак, у межах якога, безумоўна, ёсць што і даследаваць, і ўдасканальваць.

Паляпшаць навучальны працэс магчыма і патрэбна  найперш  праз  прафесійную падрыхтоўку  кваліфікаваных выкладчыкаў, гатовых на сучасным узроўні забяспечваць міждысцыплінарны характар  выкладання беларускай мовы як замежнай  з улікам усяго функцыянальнага спектру мовы, псіхолага-фізіялагічных механізмаў яе засваення  і асобасных характарыстык навучэнцаў. У Беларусі няма  кафедры, дзе рыхтаваліся б такія кадры, таму пакуль адчуваецца іх дэфіцыт.

Між тым паспяховасць навучання залежыць ад стану метадычнага забеспячэння выкладання, ад прывабнасці і навізны вучэбнага матэрыялу, ад напаўнення яго  пазітыўнай, цікавай інфармацыяй, здольнай  актывізаваць  кагнітыўную (інтэлектуальную, эмацыйную, эстэтычную) дзейнасць удзельнікаў Школы, што ў выніку можна разглядаць як стымул  да самастойнай працы  і далейшага паглыбленага вывучэння беларускай мовы.

Істотнае значэнне ў плане аптымізацыі навучання мае характар метадычных прыёмаў, што выкарыстоўвае выкладчык на занятках, яго ўменне  падкрэсліць асабістую  значнасць і важнасць для навучэнца вучэбнай інфармацыі, уменне стварыць спрыяльную псіхалагічную атмасферу ў групе і  знайсці індывідуальны падыход да кожнага з навучэнцаў.

Магчымасці для ўдасканалення працы Школы бачацца таксама ў стварэнні  разнастайных па структуры адукацыйных праграм (з улікам запатрабаванняў навучэнцаў, з рознай ступенню моўнай нагрузкі, з падзелам на ўзроставыя катэгорыі і інш.), у распрацоўцы нарматыўна-адукацыйнага і метадычнага комплексу па беларускай мове як замежнай дзеля ўкаранення сістэмы ўзроўневага навучання  ёй іншафонаў. Праца ў гэтым кірунку ўжо вядзецца. Так, у межах Праграмы навуковага даследавання ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы распрацоўваецца комплекс вучэбна-нарматыўных дакументаў і матэрыялаў (адукацыйныя стандарты, градуальная сістэма лексічных мінімумаў, тыпавыя і вучэбна-трэніровачныя лінгвадыдактычныя тэсты), прызначаных для рэгламентацыі навучальнага працэсу на розных узроўнях валодання мовай.

Дзеля ўдасканалення працэсу навучання беларускай мове іншаземцаў у РІВШ  распрацавана аўтарская Праграма павышэння кваліфікацыі “Беларуская мова як замежная ў кантэксце сучаснай адукацыйнай парадыгмы “ для педагагічных работнікаў устаноў вышэйшай адукацыі. Яна мае на мэце павышэнне прафесійнай культуры і метадычнага досведу выкладчыкаў беларускай мовы за кошт актуалізацыі праблемных пытанняў катэгарыяльнага і прагматычнага характару, інавацыйных падыходаў да стварэння вучэбна-метадычнай літаратуры, асэнсавання беларускага культурна-аксіялагічнага складніка ў змесце навучання беларускай мове як замежнай у кантэксце сучаснай лінгвакультурнай і міжкультурна арыентаванай кампетэнтнаснай адукацыйнай парадыгмы.

Праз рэалізацыю гэтай Праграмы хацелася б выявіць інтэлектуальны рэсурс для кадравага забеспячэння і далейшага развіцця адукацыйнага напрамку “беларуская мова як замежная”, бо, відавочна, у нашай краіне дастаткова беларускамоўных людзей, якія валодаюць некалькімі мовамі і маюць навыкі выкладання іншых замежных моў.  Менавіта іх мы бачым у якасці патэнцыяльных выкладчыкаў беларускай мовы ў замежнай аўдыторыі. Карыстаючыся выпадкам, хачу запрасіць усіх, хто неабыякавы да гэтай праблематыкі, далучацца да нашага праекта.

05

Вы ўжо столькі год курыруеце гэты праект. Чаму ён Вас не перастае цікавіць?

Больш за дзесяць гадоў мяне не было ў краіне, таму праектам не займалася. За гэты час, здаецца, адзін раз ладзілася  Школа. Пасля вяртання ў краіну неяк само сабою атрымалася зноў далучыцца да  праблематыкі выкладання беларускай мовы як замежнай, што  па-ранейшаму застаецца актуальнай і патрабуе свайго асэнсавання ў шырокім міжнародным кантэксце.

Не перастае цікавіць, бо лічу праект вартым увагі і перспектыўным у плане развіцця міжкультурных сувязей, папулярызацыі ведаў пра Беларусь і актывізацыі  супрацоўніцтва з замежнымі славістычнымі навуковымі школамі. Да таго ж гэта цікавая, творчая праца. Сама распрацоўка праграмы патрабуе крэатыўнага падыходу, бо кожны раз мусіш канструяваць, а затым прэзентаваць  вобраз крыху ідэалізаванага беларуса дзеля таго, каб удзельнік Школы змог паглядзець на Беларусь яго вачыма і (ў ідэале)  ганарыўся тым, што вывучае беларускую мову. Таму ўжо на этапе аналізу параметральных складнікаў,  вызначаеш, што будзе  цікава менавіта сёлетняму  слухачу, якія кампетэнцыі, уяўленні, уражанні ад Летняй школы ў Мінску ён павінен атрымаць.

Разам з тым Школа дае магчымасць апрабоўваць узроўневую мадэль навучання беларускай мове як замежнай (параметры зместу навучання на розных узроўнях, крытэрыі і спосабы ацэнкі вынікаў навучання праз тэставыя тэхналогіі), што распрацоўваецца ў РІВШ у межах Праграмы навуковых даследаванняў па беларускай мове як замежнай, а таксама праверыць эфектыўнасць новых педагагічных стратэгій і сучасных лінгвакультурных методык, сродкаў і прыёмаў  актыўнага навучання, гульнявых  формаў заняткаў.

Увогуле  гэта ўнікальная адукацыйная  пляцоўка, дзе пануе беларускага слова (у тым ліку дзякуючы працы шматлікіх валанцёраў  – беларускамоўных студэнтаў з сталічных універсітэтаў, якія дапамагаюць стварыць для слухачоў Школы пастаяннае маўленчае асяроддзе). У нестандартных і займальных формах іншаземцы могуць абмяркоўваць актуальныя пытанні беларусістыкі,  разам з  вядомымі ў сваім прафесійным полі навукоўцамі, творцамі эстэтычных каштоўнасцей  (пісьменнікамі, мастакамі) разважаць пра  гістарычныя шляхі беларускага народа, асаблівасці беларускай мовы, знаёміцца з апошнімі дасягненнямі беларускай літаратуразнаўчай і культуралагічнай думкі.

Хацелася б, каб кожная Школа была падзеяй ў нашым гуманітарным асяродку і адкрывала (праз асэнсаванне пытанняў: хто такія беларусы, якім яны бачаць свет, як успрымаюць і ацэньваюць яго) пэўныя перспектывы для пазнання нацыянальнага беларускага   “космасу” і спрыяла б  пашырэнню беларускай мовы і культуры ў міжнароднай акадэмічнай і культурнай прасторы.

Дзякуй вялікі, Лідзія Іванаўна, поспехаў і плёнаў у працы Школы!

Пачатак інтэрв’ю
Другая частка інтэрв’ю

Гутарыў Павел Бранавец (навуковы цэнтр РІВШ)
Фота Анастасіі Саўковай

“Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 2)

 Сёлета ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз ладзіцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена амаль сто заявак ад зацікаўленых больш чым з 20 краін свету. Пра тое, што такое Школа, чаму яна карыстаецца попытам сярод іншаземцаў і чаму яе правядзенне – гэта важна для Беларусі, распавядае кіраўнік гэтага праекта прафесар кандыдат філалагічных навук Лідзія Іванаўна Сямешка.

syam

(працяг інтэрв’ю)

Як (і ў чыіх галовах) узнікла ідэя правядзення летняга беларусазнаўчага семінара? Якімі былі першыя Школы? 

Упэўнена, што такая ідэя існавала ў галовах многіх беларусазнаўцаў, якія хоць калі-небудзь ўдзельнічалі ў падобных семінарах у іншых краінах. Тым не менш на міжнародным  рынку летніх адукацыйных паслуг  МЛШБ – з’ява адносна новая. За савецкім часам арганізаванае навучанне іншаземцаў беларускай  мове не ýяýлялася магчымым. Затое ўжо з 1960-х гадоў у Беларусі імкліва складвалася метадычная школа выкладання рускай мовы як замежнай. Дагэтуль краіна лічыцца адным з прызнаных цэнтраў вывучэння іншаземцамі рускай мовы. Што да беларускай як замежнай, то авалодаць ёю можна было хіба што  падчас індывідуальнай стажыроўкі на кафедрах беларускай мовы. Адпаведна не распрацоўваліся метадычныя аспекты навучання беларускай мове іншаземцаў.

Актуалізавалася гэтае пытанне на пачатку 1990-х гадоý з набыццём дзяржаýнай незалежнасці і атрыманнем беларускай мовай статусу дзяржаýнай мовы. Час дыктаваý патрэбу ў новых праектах, скіраваных на найхутчэйшае ýваходжанне Беларусi ý мiжнародную супольнасць. Наладжваліся  цесныя стасункі з беларускай дыяспарай, замежнымі суполкамі беларускай культуры і міжнароднымі навуковымі і адукацыйнымі цэнтрамі, якія займаліся беларусазнаýчай праблематыкай. У траýні 1991г. ý Мінску сабраліся на 1-шы Міжнародны кангрэс замежныя даследчыкі беларускага свету, і на ýстаноýчым сходзе была створана Міжнародная асацыяцыя беларусістаý. Стала рэальнай ідэя Летняй школы беларускай мовы для іншаземцаў, якая і была ажыццёўлена тым жа летам на філалагічным факультэце БДУ. У два заходы (3 – 29 ліпеня і 1 – 25   жніўня   1991 г.) супрацоўнікі кафедры беларускай мовы і літаратуры для прыродазнаўчых факультэтаў (загадчык кафедры дацэнт У.А. Навумовіч), створанай на пачатку 90-х гадоў у БДУ дзеля навучання  роднай  мове  будучых  беларускіх фізікаý, матэматыкаў, хімікаў і інш., выкладалі беларускую мову для замежных славістаў. Першымі   слухачамі Школы былі такія вядомыя навукоўцы, як прафесар Герман Бідэр (Аўстрыя), Моніка Банькоўскі – Цуліг (Швейцарыя), прафесар Рунасака Курода (Японія),  прафесар Мары  Роз   (Швейцарыя), прафесар   Курт   Вулхайзер (ЗША),  Ян  Жучка (Германія), Паола  Гальвані (Італія) і многія іншыя. Аднак праз неспрыяльную тагачасную фінансава-эканамічную сітуацыю Летняя школа беларусістыкі без дзяржаýнай падтрымкі ў хуткім часе спыніла сваю дзейнасць.

Адноўлены  быў праект  Летняй школы беларусістыкі ў канцы 1990-х гадоў кафедрай сучаснай беларускай мовы філалагічнага факультэта БДУ, якую ў той час я ўзначальвала.  Павелічэнне  колькасці студэнцкай моладзі, што мелі намер авалодаць беларускай мовай, з аднаго боку,  змены “вобраза” мовы ў лінгвістыцы, фарміраванне лінгвакультурнай парадыгмы навучання, — з другога,  патрабавалі пераасэнсавання  моўна-адукацыйных прыярытэтаў, у тым ліку і ў аспекце навучання беларускай мове іншаземцаў.  Усё гэта актывізавала распрацоўку  пытанняў выкладання беларускай мовы як замежнай і ў выніку паслужыла асновай для пашырэння профілю філалагічнай адукацыі і ўвядзення на філалагічным факультэце БДУ новай спецыялізацыі «Беларуская мова як замежная». Былі распрацаваны праграмы навучання па гэтай спецыялізацыі, праграмы спецкурсаў, спецсемінараў, а таксама асэнсоўвалася канцэпцыя Міжнароднай школы беларусістыкі. Дзякуючы грамадскай фундатарскай падтрымцы, якую ўдалося знайсці ў розных установах і арганізацыях, пачалі ажыццяўляць праект на кафедры.

Для навучэнцаў Летняй школы беларускай мовы, літаратуры, культуры (1999) аўтарскім калектывам  кафедры сучаснай беларускай мовы быý  распрацаваны вучэбны дапаможнік (Гаворым па-беларуску. – Мн.,1999) – інтэграваны лексіка-граматычны курс з вучэбнымі тэкстамі этнакультурнага, краіназнаýчага характару і сістэмай заданняý, скіраваных на фарміраванне камунікацыйных навыкаý і ўменняў. Удзельнічалі ў  гэтым  Летнім  семінары больш за 60 навукоýцаý, выкладчыкаý беларускай мовы і літаратуры, аспірантаý, студэнтаý з  Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, Аýстрыі, Германіі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, ЗША, Фінляндыі, Ізраіля. Сярод іх былі як маладыя даследчыкі-славісты, што займаліся беларусазнаўчай праблематыкай, так і вядомыя вучоныя, як, напрыклад, сацыёлаг з Польшчы прафесар Рышард Радзік, адзін з кірункаў даследаванняý якога  беларуская народная свядомасць ХІХ – ХХ стст., прафесар лінгвістыкі Поль Вэкслер (ЗША – Ізраіль) – спецыяліст па славянскіх мовах, аýтар многіх навуковых прац, у тым ліку па гісторыі беларускай мовы.

На пачатку 2000-х гадоў  з кіраўніцтвам БДУ абмяркоўвалася пытанне пра наданне Міжнароднай  школе беларусістыкі статусу адмысловай пастаянна дзейнай адукацыйнай і культурна-асветніцкай структуры, якая займалася б прасоўваннем беларусістыкі на міжнародным адукацыйным рынку, распрацоўвала б вучэбна-метадычныя матэрыялы, праграмы абмену з моўнымі школамі ў іншых краінах, ладзіла б як летнія, так і зімовыя канікулярныя моўныя курсы для іншаземцаў.

Аднак па розных прычынах гэтая ідэя ва ўсім аб’ёме не ажыццявілася. Паколькі неўзабаве  мне  давялося надоўга ад’ехаць у замежжа, пакінуўшы кафедру, то не магу каментаваць  тагачасныя рэаліі.

04

Чым адрозніваецца сучасная Школа ад ранейшых?

Канцэптуальна істотна не адрозніваецца. Вырашаюцца тыя ж адукацыйныя задачы:  зацікавіць замежных навучэнцаў мовай і культурай тытульнай нацыі Беларусі, выбраць найбольш эфектыўныя прыёмы і спосабы разгортвання пазнавальнай дзейнасці, даць магчымасць слухачам цалкам паглыбіцца ў беларускае маўленча-культурнае асяроддзе, удала спалучыўшы пры гэтым маўленчую  практыку з актыўным адпачынкам. Па-ранейшаму  актуальна, каб слухачы маглі не толькі хутка авалодаць навыкамі і ўменнямі ў розных відах маўленчай дзейнасці, але і атрымалі задавальненне ад заняткаў, ад інтэлектуальнага і эмацыйнага паглыблення ў беларускую лінгвакультурную прастору, што ў выніку ўмацоўвала б у іх жаданне і надалей займацца беларусістыкай, а тым самым павышала б імідж беларускай мовы і культуры ў свеце.

А вось у самой  лінгвадыдактычнай мадэлі навучання  з’явілася многа інавацый. Стандартызацыя і дыферэнцыяцыя адукацыйнага працэсу, што набылі  статус вызначальных прынцыпаў, укараненне шматкампанентнай кампетэнтнасна-ўзроўневай парадыгмы, сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі і камунікацыйна-кагнітыўныя педагагічныя стратэгіі істотна змянілі адукацыйны ландшафт.  Навучанне мове дэкларуецца сёння не толькі як авалоданне прадметнымі  ўменнямі і навыкамі (чытаць, пісаць, успрымаць, гаварыць) з улікам сітуацыйнага кантэксту, але і як складнік метапрадметных (агульнакультурных, кагнітыўных)  кампетэнцый, як спосаб набыцця полікультурнасці, што патрабуе выхаду на лінгвакультурны і лінгвакагнітыўны (тэзаўрусны) ўзровень засваення мовы.

Адпаведна змяніліся патрабаванні да выкладчыка, які павінен валодаць  многімі  кампетэнцыямі.  З улікам антрпалагічнай  інтэрпрэтацыі мовы і сучаснай філасофіі адукацыі, акрамя ўласна моўнага матэрыялу, патрабуецца мэтанакіраванае і паслядоўнае планаванне і інтэграванне ў навучальны працэс  лінгвакультурнага  і міжкультурнага кампанентаў. Трымаючы ў полі зроку ўвесь комплекс складнікаў навучання, і найперш суб’ектаў адукацыйнага працэсу, выкладчык павінен валодаць творчымі і інтэрактыўнымі метадамі навучання, ведаць стратэгіі і тактыкі маўленчых паводзін, структуру лінгвакультурных ведаў і ментальнага лексікону, культурных сэнсаў інфармацыі, актуальнай для кожнага ўзроўню валодання мовай.

Што да арганізацыйнага  алгарытму працы Школы,  то грунтуюцца ён на досведзе,  набытым яшчэ ў 1980-я гады падчас удзелу ў падобных  школах-семінарах у Польшчы, Балгарыі,  Славеніі. З асаблівай удзячнасцю ўзгадваецца славенскі вопыт,  атрыманы  на  ХІІІ –м Міжнародным летнім семінары славенскай мовы, літаратуры і культуры, які, па сутнасці, ляжыць у  аснове нашага праекта. Менавіта ў Любляне пераканалася, што за два тыдні інтэнсіўных заняткаў, можна узяць добры старт, сапраўды, пачаць гаварыць на мове, абменьвацца інфармацыяй у межах нескладаных сацыябытавых, вучэбных сітуацый. Па прыездзе дадому  нават пераклала на беларускую мову славенскія казкі для дзяцей: хапіла ведаў, матывацыі. А матывавалі не толькі добра наладжаная сістэма заняткаў, інтэрактыўныя метады навучання,  прывабны і цікавы дыдактычны матэрыял, але і само стаўленне гэтага невялікага (каля  2 млн.) народа да сваёй нацыянальнай традыцыі, тое, як шануе ён  гістарычную  памяць  і  ганарыцца сваёй моўна-культурнай самабытнасцю як найвялікшай каштоўнасцю. Гэта не можа не выклікаць у іншаземца павагу да народа  і цікавасць да яго мовы і культуры.

Дык колькі ўсяго Летніх школ было праведзена?

Калі лічыць ад пачатку, то сёлета мае быць 8-ая Летняя школа, але на базе Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы МЛШБ праводзіцца ў трэці раз.

Пачатак інтэрв’ю
Трэцяя частка інтэрв’ю

Гутарыў Павел Бранавец (навуковы цэнтр РІВШ)
Фота Анастасіі Саўковай

 

“Зразумець парадаксальнае “чаму””, – інтэрв’ю з дырэктарам 3-й Міжнароднай летняй школы беларусістыкі (частка 1)

 Сёлета ў Рэспубліканскім інстытуце вышэйшай школы ўжо трэці раз ладзіцца Міжнародная летняя школа беларусістыкі. На ўдзел у ёй было пададзена амаль сто заявак ад зацікаўленых больш чым з 20 краін свету. Пра тое, што такое Школа, чаму яна карыстаецца попытам сярод іншаземцаў і чаму яе правядзенне – гэта важна для Беларусі, распавядае кіраўнік гэтага праекта прафесар кандыдат філалагічных навук Лідзія Іванаўна Сямешка.

syam

Лідзія Іванаўна, што такое Міжнародная летняя школа беларусістыкі?

Феномен летніх моўных школ з  праграмай кароткатэрміновага навучання даўно вядомы ва ўсім свеце. Яны ладзяцца ў розных краінах і лічацца самым хуткім і эфектыўным спосабам авалодання той ці іншай мовай у непасрэдных стасунках з яе носьбітамі.

Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ) – не выключэнне. Гэта двухтыднёвая адукацыйна-культурная праграма, у межах якой іншаземцы маюць  магчымасць не толькі інтэнсіўна вывучаць беларускую мову ў пастаянным маўленчым асяроддзі, але і пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.

Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення (20 акадэмічных гадзін на тыдзень), разлічаны на пачатковы (А1, А2) і сярэдні (В1, В2) ўзроўні валодання беларускай мовай. Для слухачоў з высокім (С1, С2) узроўнем валодання беларускай мовай прапануюцца семінары, майстар-класы, прысвечаныя інтэрпрэтацыі тэкстаў беларускай культуры. Праграма ўключае таксама лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай (лінгвакультурнай, гісторыка-краіназнаўчай, літаратуразнаўчай, лінгвадыдактычнай) праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства па заяўленай слухачамі праблематыцы.

Вучоба спалучаецца з багатай і разнастайнай культурнай праграмай. Сярод культурна-пазнавальных мерапрыемстваў пешыя вандроўкі па Мінску і выязныя аўтобусныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, наведванне музеяў, мастацкіх галерэй, тэатраў, бібліятэк, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, творчымі калектывамі.

З іншага боку, МЛШБ – гэта магчымасць наладжвання і паглыблення  навуковых і культурных кантактаў з замежнымі да–следчыкамі і прыхільнікамі   беларускай мовы, літаратуры, культуры, гэта спосаб пашырэння ў свеце ведаў пра моўную і культурную самабытнасць беларускага народа, пра беларускую гістарычную традыцыю, нацыянальныя каштоўнасці і  ўклад нашага народа ў сусветную культуру і навуку.

Хто ён, удзельнік МЛШБ?

     Кантынгент удзельнікаў МЛШБ вельмі неаднародны як па нацыянальных і ўзроставых характарыстыках, так і па матывацыйных параметрах і ўзроўню валодання  беларускай мовай. Школа збірае слухачоў з усяго свету: для адных  – гэта проста пазнавальная паездка дзеля знаёмства з краінай Беларусь, беларускай мовай і культурай,  другія  жадаюць палепшыць моўны ўзровень, каб працягваць вывучаць ці выкладаць беларускую мову ў сваёй краіне. Але пераважная большасць удзельнікаў  Школы – гэта замежныя студэнты, магістранты, аспіранты, якія спецыялізуюцца ў галіне славістыкі і беларусістыкі (мовазнаўства, мастацкі і навуковы пераклад, усходнеславянскае мовазнаўства і літаратуразнаўства, беларусазнаўства, журналістыка, лінгвістыка і міжнародная камунікацыя ), а таксама  педагагічныя работнікі – выкладчыкі беларускай мовы і літаратуры і іншых славянскіх моў з розных замежных адукацыйных устаноў, дзе даследуецца беларусазнаўчая праблематыка і выкладаецца беларуская мова як замежная.

Што да асобасных характарыстык, то ўдзельнік МЛШБ – асоба актыўная, адукаваная і ў пераважнай большасці шматмоўная (беларуская мова  далёка не першая замежная мова, і  нават  не другая). Таму, як правіла, валодае сучаснымі стратэгіямі авалодання мовай, мае ужо сфармаваны індывідуальны кагнітыўны стыль працы і можа ацэньваюць новы адукацыйны вопыт паводле ўласнай аксіялагічнай шкалы.

Наўрад ці ўдзельнік Школы – абсалютны прагматык, рацыянальная цікавасць якога да беларусістыкі сфармавана аб’ектыўнымі патрэбамі жыцця, эканамічнымі сувязямі з краінай і г. д. Хоць гэта таксама не выключаецца, бо, як ужо адзначала, сярод слухачоў дастаткова аб’ектыўна матываваных славістаў — маладых і сталага ўзросту, у сферу прафесійнай зацікаўленасці якіх уваходзіць беларусазнаўчая праблематыка. Многія з іх ужо карыстаюцца  беларускай мовай у прафесійнай дзейнасці: выкладаюць яе ў адукацыйных установах ці на розных грамадскіх курсах, выкарыстоўваюць у навуковай, перакладчыцкай  працы. Гэтая катэгорыя ўдзельнікаў  дакладна ўяўляе галіну прымянення  беларускамоўных кампетэнцый і, як правіла, матываваная ў плане патрабаванняў да вынікаў сваёй вучэбнай дзейнасці.

Другая  катэгорыя – гэта навучэнцы, якія матывуюць выбар беларускай мовы ўласнымі (суб’ектыўнымі) інтэлектуальнымі запатрабаваннямі (культурнымі, ідэалагічнымі), звязваюць яго з сяброўскімі стасункамі. Прычыны, што “падштурхнулі”  да вывучэння беларускай мовы,  абгрунтоўваюцца  ў катэгорыях  “даведацца, хто гэта беларусы”,  “мова прыгожая, мілагучная”, “цікавыя традыцыі, фальклор”, ”багатая культура”, “Беларусь – terra incognita”, “вывучаю дзеля ўласнага развіцця”, “дзеля стасункаў з беларускімі сябрамі”, “каб падтрымаць беларускамоўную супольнасць”, “каб мова не знікла з еўрапейскай мапы”. Гэта пераважна маладыя людзі з эканамічна стабільных краін з высокім узроўнем адукацыі. Ім цікава вандраваць па свеце, пазнаваць феномены розных культур, асаблівасці матэрыяльнага і духоўнага жыцця іншых народаў, пашыраць свой кругагляд.

Трэцяя катэгорыя – этнічныя беларусы, прадстаўнікі беларускай дыяспары як  з суседніх і гістарычна звязаных з Беларуссю краін, так і з далёкага замежжа.  Удзел у Школе разглядаюць як матыў, “прыехаць на Радзіму, даведацца нешта новае для сябе”, “удасканаліць маўленчыя навыкі”. Вывучаюць мову, бо лічаць валоданне ёю ”паказчыкам культуры і беларускасці”, каб “звацца беларусам“, “каб ведаць свае карані”, “каб ведаць, чым адрозніваемся ад іншых народаў”, каб “перадаць дзецям сваю мову, культуру, гісторыю”.

Паводле  геаграфіі:  удзельнічаюць навукоўцы і студэнты як з  краін,  дзе беларуская мова ёсць мовай этнічнай меншасці і вывучаецца ў розных адукацыйных установах  (Україна, Расія, з краін  ЕС – Польшча, Чэхія, Літва, Латвія, Эстонія),так і з краін, дзе існуюць славістычныя цэнтры ці маюцца пэўныя  традыцыі вывучэння беларускай мовы і даследавання беларусазнаўчай праблематыкі (Аўстрыя, Германія, Англія, Венгрыя, Канада, Славакія, Сербія, апошнім часам – Японія, Кітай). Летась былі студэнты  з Аўстраліі, ЗША,  Індыі.

Паводле ўзросту:  ад 18-ці  да 70-ці гадоў.

Але хто б ні быў удзельнік  Летняй школы беларусістыкі, якімі матывамі і мэтамі ні  кіраваўся б, мы ўдзячныя яму за цікавасць да нашай мовы, культуры, да нашай краіны.

01

Чаму ў замежжы цікавяцца беларускай мовай і культурай?

А чаму імі не цікавіцца? Чаму ўвогуле людзі вывучаюць іншыя мовы, нават мёртвыя? Ці Вы маеце на ўвазе, чаму цікавяцца, калі многія беларусы абыякава ставяцца да яе? Дык часам і па гэтай прычыне: хочуць зразумець парадаксальнае “чаму”.

Думаю, цікавяцца, бо разумеюць каштоўнасць любой мовы, і не толькі як сродку камунікацыі, але найперш як з’явы культуры. Кожная мова – гэта  своеасаблівы погляд на свет, гэта склад душы яе носьбітаў, логіка іх розуму і стылю мыслення. Беларускі погляд на свет, замацаваны тысячагадовай традыцыяй у багатай духоўнай і інтэлектуальнай культуры беларускага народа, у яго гістарычным вопыце, несумненна, узбагаціць кожнага, хто захоча авалодаць ім.

Калі браць больш шырокі сучасны кантэкст, то цікавасць да беларускай мовы (як і да іншых невялікіх, паводле колькасці носьбітаў, моў) – гэта ў пэўным сэнсе вынік агульнаеўрапейскай адукацыйна-моўнай палітыкі, скіраванай на ўкараненне прынцыпаў шматмоўя і полікультурнасці адукацыі, прызнанне шматмоўнай асобы ва ўмовах глабалізацыі прыярытэтам і каштоўнасцю (вядомая формула 1+2: родная мова і як мінімум дзве замежныя). Дастаткова ўзгадаць паказальны загаловак  моўнага сайта Еўракамісіі: “Чым больш ведаеш моў, тым большы ты ёсць чалавек”. Сёння стымулюецца вывучэння не толькі моў, што традыцыйна лічацца мовамі міжнародных зносін, але і т. зв. “малых”, бо ўсе замежныя мовы ў кантэксце дыялогу культур набываюць статус сродку міжнародных і міжкультурных зносін. Вывучэнне моў дапамагае зразумець і міжкультурныя дыстанцыі, сапраўдныя ці ўяўныя.

Уласна матывы вывучэння беларускай мовы ўжо акрэсліла  ў адказе на папярэдняе пытанне. Дадам толькі, што праз анкетаванне выяўляецца скіраванасць інтэнцый большасці слухачоў на канцовы вынік – адкрыць для сябе праз авалоданне мовай  самабытны беларускі свет, адпаведны менавіта гэтаму месцу прыроды, гэтаму тыпу культуры, і  гатоўнасць да далейшага яе вывучэння як крыніцы новых культурных ведаў, як спосабу развіцця ўласнай эрудыцыі.

Разам з тым варта адзначыць, што ўзровень зацікаўленасці і матывы вывучэння любой мовы залежаць і ад яе статусу ў дзяржаве, базавых сацыяльных функцый, месца ў сістэме адукацыі. Паколькі ў сістэме айчыннай вышэйшай адукацыі беларуская мова амаль не выкарыстоўваецца, за выключэннем асобных гуманітарных галін, то падрыхтаваць сёння на беларускай мове прафесіяналаў у розных галінах дзейнасці (акрамя філалагічнай) для іншых краін немагчыма, што адпаведна абмяжоўвае аб’ектыўна-прагматычную матывацыю  і памяншае колькасць ахвотнікаў звязваць свае жыццёвыя перспектывы з беларускай мовай.

Другая частка інтэрв’ю
Трэцяя частка інтэрв’ю

Гутарыў Павел Бранавец (навуковы цэнтр РІВШ)
Фота Анастасіі Саўковай

30 заявак, 30 дзён! | 30 аpplications, 30 days!

 

Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы атрымаў ужо амаль 30 заявак на ўдзел у 3-й Міжнароднай летняй школе беларусістыкі. На наш летні семінар ужо збіраюцца людзі з 11 краін (ЗША, Кітай, Расія, Латвія, Чэхія, Украіна, Венгрыя, Беларусь, Польшча, Нідэрланды, Швецыя).

А ў Вас засталося толькі 30 дзён, каб паспець даслаць заяўку і далучыцца да МЛШБ!

Пазнаёмцеся з Беларуссю, беларускай мовай, гісторыяй і культурай!

012

National Institute for Higher Education has received almost 30 applications for participation in the 3rd International Summer School of Belarussian Studies. People from 11 countries (USA, China, Russia, Latvia, Czech Republic, Ukraine, Hungary, Belarus, Poland, Netherlands, Sweden) are already preparing to go to our summer seminar.

And you have only 30 days for applying and joining ISSBS!

Meet with Belarus,  Belarusian language, history and culture!

025

Інфармацыйныя матэрыялы | Information materials

InfoList_2017 
application_issbs17  (форма заяўкі | application form)
bukliet_by bukliet_en 

Кантакты | Contacts

SkolaBel@mail.ru
facebook.com/SkolaBel17
+375 (44) 707-74-22, +375 (29) 169-15-95  (tel)
+375 (17) 396-30-75  (fax)
Pavel Branavets, Svetlana Makovchik  (coordinators)

Віншуем са святам! Запрашаем на МЛШБ-2017 :)

Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы віншуе Вас з міжнародным днём роднай мовы і запрашае да ўдзелу ў 3-й Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, якая ладзіцца з 1 па 16 ліпеня 2017 г. пры ўдзеле Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Правядзенне Школы прымеркавана да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.

 

National Institute for Higher Education in Minsk congratulates You to the International Day of the Native Language and invites to participate in the 3rd International Summer School of Belarusian Studies, which will take place from July 1st to 16th, 2017 with the assistance of the Belarusian State University and Minsk State Linguistic University.The School will be dedicated to the 500th anniversary of Belarusian book printing.

001

КАНТАКТЫ | CONTACTS

Тэл. | Tel.                                         +375 (44) 707-74-22, +375 (29) 169-15-95
Тэл./факс | Tel./fax                       +375 (17) 396-30-75
Эл. пошта | E-mail                        SkolaBel@mail.ru
Facebook                                         facebook.com/SkolaBel17
Блог | Blog                                      SkolaBel.wordpress.com
Каардынатары | Coordinators   Pavel Branavets, Svetlana Makovchik

 

Больш інфармацыі Вы знойдзеце ў нашым інфармацыйным лісце.
Further information You can find in our pdf flyer.

infarmacyjny_list_by|en
forma_zajauki_by|en

bukliet_by
bukliet_en

Удакладненне тэрміну МЛШБ (абноўлена)

Папярэдняя інфармацыя адносна тэрміну правядзення летняга беларусазнаўчага семінара ўдакладнілася: сёлетняя МЛШБ пройдзе з 1 па 16 ліпеня.

015

infarmacyjny_list_by|en

bukliet_by
bukliet_en

forma_zajauki_en|by

Абвестка аб правядзенні МЛШБ (больш інфармацыі пра МЛШБ 2017)

МЛШБ 2017 (абвестка)

3-я Міжнародная летняя школа беларусістыкі

Да ўдзелу ў Міжнароднай летняй школе беларусістыкі, якая ўжо трэці раз ладзіцца на пляцоўцы Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, запрашаюцца спецыялісты ў галіне беларусістыкі і славістыкі, аспіранты, студэнты, перакладчыкі і ўсе зацікаўленыя беларускай мовай, літаратурай, гісторыяй і культурай. Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ) прапануе комплексную праграму, якая дазваляе стварыць уяўленне пра стан сучасных беларусазнаўчых даследаванняў (лінгвістычных, літаратуразнаўчых, гістарычных, культуралагічных), а таксама пазнаёміцца з сучаснымі і гістарычнымі рэаліямі краіны. Заняткі па практыцы беларускага маўлення, лекцыі і семінары Школы правядуць выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і інш.

МЛШБ дае слухачам магчымасць не толькі атрымаць новыя веды, але таксама знайсці новых калег, знаёмых, сяброў з усяго свету, цікава і плённа адпачыць у адной з найпрыгажэйшых краін Еўропы. Летні семінар у Мінску – выдатны шанец незвычайна правесці два тыдні лета.

АБ ПРАГРАМЕ

Праграма МЛШБ уключае тры кампаненты:

  1. Практыка беларускага маўлення. Камунікатыўныя заняткі, скіраваныя на актыўнае авалоданне навыкамі вуснай і пісьмовай маўленчай дзейнасці, будуць праводзіцца ў групах паводле ўзроўняў (A1 – B2). Для слухачоў, якія ўжо валодаюць мовай на прафесійным узроўні (C1 – C2), будзе прапанаваны цыкл семінарскіх заняткаў.
  2. Цыкл лекцый. Лектары МЛШБ пазнаёмяць слухачоў з актуальнымі пытаннямі і праблемамі сучаснага беларусазнаўства.
  3. Культурная праграма. Кожны дзень школа прапануе слухачам прыняць удзел у пэўным культурным мерапрыемстве (экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі; навеведванне музеяў, выставак, бібліятэк; сустрэчы з дзеячамі беларускай культуры, мастацтва, навукі; тэматычныя вечарыны).

Праграма прадугледжвае магчымасць дадатковых індывідуальных кансультацый.

Заняткі  па практыцы беларускага маўлення будуць праводзіцца па найноўшых матэрыялах, падрыхтаваных і выдадзеных выкладчыкамі МЛШБ. Сярод іх варта вылучыць канцэптуальна прадуманы “Лексічны мінімум (А1)” – сучасны дапаможнік для засваення базавай лексікі беларускай мовы. Слухачы маюць магчымасць набыць неабходныя матэрыялы па даступным кошце.

АПЛАТА

За кошт прымаючага боку: навучанне, культурная праграма, віза.
За кошт удзельнікаў: праезд, харчаванне, пражыванне (гасцініца РІВШ).

КАЛІ (АБНОЎЛЕНА!)

1 – 16 ліпеня 2017 г.

ДЗЕ

Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы
вул. Маскоўская, 15
г. Мінск

КАНТАКТЫ

Тэл.                          +375 (44) 707-74-22, +375 (29) 169-15-95
Тэл./факс             
+375 (17) 396-30-75

Эл. пошта              SkolaBel@mail.ru

Facebook                fb.com/SkolaBel17
Блог                         SkolaBel.wordpress.com

Каардынатары    Павел Бранавец, Святлана Макоўчык

НАШ ІНФАРМАЦЫЙНЫ ЛІСТ

infarmacyjny_list_by|en

НАШ БУКЛЕТ (па-беларуску і па-англійску)

bukliet_by
bukliet_en

ФОРМА ЗАЯЎКІ

forma_zajauki_by|en

Вітайце на афіцыйным блогу МЛШБ!

Шаноўныя, вітаем вас на афіцыйнай старонцы Міжнароднай летняй школы беларусістыкі, якая праводзіцца пры РІВШ БДУ ў Мінску.

Тут вы зможаце знайсці найбольш актуальную і цікавую інфармацыю, якая датычыць тэрмінаў МЛШБ, яе праграмы, выкладчыкаў і кіраўніцтва, а таксама тыя звесткі, якія могуць быць карыснымі для ўдзельнікаў Школы.

Да наступных сустрэч!

016b